Давидович Сергей
Планета прывiдаў (на белорусском языке)
Сяргей Давiдовiч
Планета прывiдаў
Сiгнал з космасу быў запеленгаваны адразу некалькiмi наземнымi навуковымi станцыямi. Але гэта азваўся не той, усiм вядомы, калязямны космас, асвоены i пераасвоены зямлянамi, а далёкая таямнiчая Галактыка, вестак пра якую ў навуковых картатэках амаль не было. Сiгнал ляцеў з зорнай безданi праз мiльярды кiламетраў i сiвiзну часу.
Але адна справа - атрымаць вестку ад далёкiх i невядомых разумных iстотаў, другая - унiкнуць у сутнасць сiгналу, расшыфраваць яго. Вось гэта другая, хутчэй за ўсё невырашальная, справа i астудзiла першапачатковае гарачае лiкаванне i навукоўцаў, i ўрадавых чыноўнiкаў.
Каго, напрыклад, усцешыць пасылка, якую нельга адкрыць? Скрынка - яна i ёсць скрынка, а што ўсярэдзiне?..
Вось такою непадступнаю скрынкай быў непрацяглы сiгнал, запiсаны разумнымi электроннымi прыборамi, якiм, як i людзям, не хапала розуму зазiрнуць у таямнiчую "скрынку".
Заставалася маленькая ўцеха - мы не адны! Ёсць сярод загадкава мiргаючых зорак браты па розуму, якiя шукаюць сустрэчу з намi.
* * *
Н-скi навукова-даследчы iнстытут, акрамя ваеннай праблематыкi, займаўся вывучэннем перыферыi Ўсяленнай - самых далекiх i малавядомых Галактык.
Перайшоўшы "экватар" трэцяга тысячагоддзя, чалавецтва не толькi ўдасканалiла свае ўзаемаадносiны, узняўшы iх да ўзроўню поўнай гармонii, але паралельна дасягнула i вяршынь навукова-тэхнiчнай думкi.
Вось чаму расшыфроўка таямнiчага сiгналу была не толькi вострым патрабаваннем сучаснасцi, але i справай гонару кожнага навукоўца.
Ужо вядомы нам iнстытут кiнуў на вырашэнне гэтай праблемы лепшыя навуковыя сiлы, якiя выкарыстоўвалiся бесперапынна i самаахвярна. Усе разумелi, што раскрыццё касмiчнага кода з'явiцца тым запаветным ключом, якi дазволiць адчынiць многiя дзверы самых неверагодных адкрыццяў.
Дзяржава не шкадавала сродкаў, людзi - сiл i часу. Усё рабiлася ў лiхаманкавай спешцы i абсалютнай тайне.
Iван Сухiн у свае дваццаць дзевяць год працаваў у вышэйзгаданым iнстытуце малодшым навуковым супрацоўнiкам i да "лепшых сiл" пакуль што не адносiўся, таму i не займаўся расшыфроўкай касмiчнага сiгналу.
Калi сказаць больш дакладна, зацiкаўленасць да сiгналу ён меў не меншую, чым тыя карыфеi навукi, каго фiнансавала i падтрымлiвала дзяржава. Больш таго, ён цiшком ад калегаў, у вольны час "браў на зуб" крэпкi арэшак, кiнуты таямнiчай Галактыкай на Зямлю. Гэтая яго зацiкаўленасць перарасла ў абвостраную прынцыповасць i, нарэшце, ператварылася ў апантанасць. Ён не спаў начамi, закладваў запiсаныя гукi сiгналу ў кампутар, дзялiў, драбiў, раскладваў iх на мiльёны мiкронаў, якiмi бясконца вар'iраваў, спрабуючы скласцi лiтары, словы, сказы. Пасля кожнага варыянта, пасля чарговай камбiнацыi кампутар упарта выкiдваў на экран няўмольнае: "Варыянт памылковы".
Ад гэтых двух слоў Iвана блажыла, яны снiлiся яму ў кароткiя перапынкi адпачынку, яны не адпускалi маладога навукоўца, як злы рок. Iван сам нiбы ператварыўся ў перагружаны кампутар, у якiм штосьцi хутка замкне i ён згарыць ад двух ненавiсных слоў.
Калi ж аднойчы, пасля чарговай аперацыi з мiкрагукамi, экран кампутара высвецiў не ненавiсныя два словы, а два радкi тэксту, Iван ледзь не сцёр з электроннай памяцi бясцэннае адкрыццё, бо машынальна пацягнуўся пальцамi да клавiшаў, каб скласцi новы варыянт.
Ён ад нечаканасцi так i застыў з шырока раскрытымi вачыма, якiя ад напругi i хвалявання не маглi "зачапiцца" за тэкст - усё змяшалася i паплыло: i лiтары, i апаратура, i ўвесь свет.
Калi ж Iван апрытомнеў i ўсё стала на свае месцы, вочы лiхаманкава прачыталi:
Я - ПЛАНЕТА АСКАЛ
СУЗОР'Е ЦЯЛЬЦА ЛЕВА
ТРЫСТА МIЛЬЁНАЎ - ПЛАНЕТА АСОТ
ПРАВА ДЗЕВА
Прачытаўшы i перачытаўшы тэкст, Iван нiчога не зразумеў. Калi гукi правiльна ператвораны ў словы, то гэта, магчыма, каардынаты планеты Аскал. Але зразумець, дзе яна, - было гэтак жа цяжка, як i расшыфраваць сiгнал.
Першае, што хацеў зрабiць шчаслiвы i ўзрушаны навуковец, - зараз жа дакласцi акадэмiку Лiстову, кiраўнiку iнстытута. Але Iван адразу ж асекся: як гэта з бухты-барахты лезцi з куцым дакладам да акадэмiка?! Не! Трэба падрабязна, пачынаючы з раскладкi сiгналу на мiкроны, з разнастайных камбiнацый i шматлiкiх варыянтаў пошуку касмiчнага алфавiта падрыхтаваць грунтоўны пiсьмовы даклад. Неабходна аднавiць i прадублiраваць апошнi ўдалы варыянт камбiнацыйнасцi мiкрагукаў, якi дазволiў дакрануцца да нечай невядомай мовы, а ўжо пасля гэтага лезцi ў вочы начальству.
* * *
Вучоны савет навукова-даследчага iнстытута праходзiў надзiва ўраўнаважана i спакойна.
Звычайна вучоныя, многiя з якiх мелi сусветна вядомыя iмёны, горача i iмпэтна адстойвалi сваю пазiцыю нават тады, калi гэта пазiцыя была даўно iмi абароненая i ўсiмi ўхваленая.
Сёння ж вучоных як падмянiлi. Магчыма, таму, што пасяджэнне савета было аб'яўлена звышсакрэтным (хаця сам iнстытут i яго дзейнасць даўно строга засакрэчаны), магчыма, таму, што разглядалася пытанне, ускалыхнуўшае ўвесь свет, а хутчэй за ўсё таму, што вучоныя з сусветнымi iмёнамi быццам анучай па зубах схапiлi, бо адкрыццё зроблена не iмi, кiтамi навукi, а "верхаводкай" нейкiм малодшым навукоўцам, з якiм раней вiталiся нядбайным кiваннем галавы.
Цяпер гэты, па iх ранейшаму меркаванню, жэўжык сядзеў у прэзiдыуме, праваруч ад дырэктара iнстытута - самога акадэмiка Лiстова, якi сваiмi шматлiкiмi i грунтоўнымi навуковымi працамi паставiў на вушы ўвесь вучоны свет.
Праўда, сам "жэўжык" сядзеў сцiпла, апусцiўшы галаву, саромеючыся такой нечаканай увагi з боку масцiтых калег.
Акадэмiк Лiстоў пачаў цiха, нават неяк таямнiча:
- Калегi! Тое, што адбылося ў нашым iнстытуце, цяжка выказаць цi апiсаць звычайнымi словамi. Я ды i вы ўсе, хто бачыў на сваiм вяку шмат неверагоднага, зазiрнуў неаднойчы ў глыбокiя таямнiцы ашаламляльных адкрыццяў, стаiм сёння на мяжы, за якой слова "фантастыка" можа знiкнуць назаўсёды з лексiкону чалавецтва.
Я наўмысна пайшоў на парушэнне i не далажыў адразу кiраўнiцтву дзяржавы, бо сам тэкст патрабуе далейшай расшыфроўкi i ўдакладнення. Без дакладных каардынатаў планеты Аскал наша праца будзе выглядаць палавiнчатай, хаця асноўнае ўсё ж зроблена. Не хацелася б раздзяляць з некiм лаўры адкрыцця.
- А якому сектару будзе даручана ўдакладненне каардынатаў? - пачулася з напружанай залы. Кожны прагнуў на гэтым адрэзку дыстанцыi абагнаць паплечнiка.
Лiстоў гэта зразумеў i ўсмiхнуўся:
- Працы хопiць усiм! Не думайце, што засталося толькi паставiць кропку. Хутчэй - шматкроп'е. Займацца гэтай справай будзеце ўсе пад кiраўнiцтвам майго першага намеснiка. Ён, у дадатак да нашых магчымасцяў, прыцягне лепшых астраномаў i будзе каардзiнiраваць вашы намаганнi.
Раптоўна спытаўся ў Iвана:
- Вы не супраць, Iван Захаравiч?
Iван ад нечаканасцi ажно папярхнуўся i некалькi разоў паўтарыў:
- Згодзен! Згодзен! Не супраць!
Лiстоў па-бацькоўску пахлопаў яго па плячы i зноў звярнуўся да залы:
- Закончу тым, з чаго павiнен быў пачаць. Ад iмя ўсяго нашага навуковага калектыву дзякую вам, Iван Захаравiч, за тытанiчную працу! У вас вялiкая будучыня!
* * *
Пасля таго як агульнымi намаганнямi былi вызначаны больш-менш дакладныя каардынаты планеты Аскал, было даложана кiраўнiцтву дзяржавы.
Хто-хто, а Iван, адразу пасля дакладу ў дзяржаўныя iнстанцыi, адчуў не столькi сваю вялiкую будучыню, колькi сучасную, нязвыклую i малапрыемную рэальнасць.
Справа ў тым, што навукова-даследчы iнстытут, як нам вядома, быў засакрэчаны i пiльна ахоўваўся ад чужога вока i вуха спецорганамi. Цяпер жа, пасля сенсацыйнага адкрыцця, ахова iнстытута зрабiлася настолькi жорсткай, што нават выпадковая парушынка не змагла б заляцець на яго тэрыторыю.
Але гэта былi агульнапрафiлактычныя меры бяспекi, да якiх тут даўно прывыклi i якiя не замiналi займацца навуковай дзейнасцю.
А вось Iван, якi нiколi раней не сутыкаўся з асабiстай аховай, цяпер адчуў, што гэта за "радасць". Яго ахоўвалi, як рэдкую музейную каштоўнасць. Кола кантактаў са знаёмымi i сябрамi звузiлася. На кожным кроку - на працы i ў вольны час - ён адчуваў непрыемнае апякунства.
Праўда, на працы адбылiся i прыемныя змены - яго павысiлi з малодшага да старэйшага навуковага супрацоўнiка, выдзелiўшы для далейшых даследаванняў шыкоўную лабараторыю з навукова-тэхнiчным персаналам.
Дабавiлася i ўвагi, i павагi ад калег, якiя раней маглi па-панiбрацку хлопнуць па плячы, цяпер да яго iмя дадавалi i iмя па бацьку.
Iвану, якi быў кантактным ва ўзаемаадносiнах i просты, як усё генiяльнае, не вельмi падабалiся такiя змены, але ён разумеў i тое, што не ўсё ад яго залежыць, i працягваў заставацца самiм сабой.
Каб неяк павялiчыць сваю знешнюю салiднасць, Iван паспрабаваў адпусцiць бараду, але, зiрнуўшы праз нейкi час у люстэрка, зарагатаў:
- Каму патрэбна гэта казлiнасць?! - i начыста пагалiўся.
* * *
Змешаная навукова-ўрадавая камiсiя, з удзелам ваенна-касмiчных прадстаўнiкоў i псiхаўрачэбных аналiтыкаў, праводзiла сваё першае пасяджэнне.
На павестцы дня адно пытанне: што рабiць далей?!
Прадстаўнiк урада Глотаў, ён жа старшынствуючы, вёў сябе далiкатна i толькi задаваў пытаннi.
- Дык што будзем рабiць? Якiя прапановы, Антон Паўлавiч? - спытаўся ён у Лiстова.
Лiстоў грузна ўстаў i коратка адказаў:
- Трэба ляцець, Генадзь Мiхайлавiч!
- А колькi ж туды лёту? - удакладнiў старшынствуючы.
- Прыкладна дзесяць гадоў, - спакойна адказаў акадэмiк.
- Дзесяць туды i дзесяць назад? Так? - зноў удакладнiў Глотаў.
- Так, але назад...
- Дзякуй! Сядайце, Антон Паўлавiч! - прапанаваў прадстаўнiк урада. - Якiя нашы тэхнiчныя магчымасцi? -звярнуўся ён да прадстаўнiка ваенна-касмiчнай службы.